Серада, 03 Май 2017 20:46

Наш Герб

Аўтар

Герб Салезіянскага Таварыства ўпершыню з'явіўся ў цыркуляры ксяндза Боско ад 8 снежня 1885 года. Кампазіцыю на гербавым фоне намаляваў прафесар Бойдзі. Герб з’яўляецца сімвалам і багаццем салезіянскай духоўнасці. Уся кампазіцыя складаецца з асобных сімвалаў, якія нясуць у сабе хрысціянскую і салезіянскую сімволіку.

ЗОРКА  ў салезіянскім гербе з’яўляецца сімвалам веры.  Моцная, непарушная  вера ў Бога – гэта падмурак кожнай манаскай супольнасці. Святы Ян Боско таксама меў веру ў дабро, якое мае кожны чалавек, і якое з стараннасццю шукаў у апушчанай, вулічнай моладзі.

СЭРЦА традыцыйна сімвалізуе любоў. Гэтая любоў у Салезіянскім Таварыстве накіравана, па-першае, да Усемагутнага Айца. Менавіта з любові да Бога салезіянін адракаецца ад дабротаў гэтага свету, каб, пакінуўшы ўсё, пайсці за голасам Яго святой волі. Па-другое, салезіянская любоў накіравана на мэту нашай харызмы – моладзь, асабліва тую, якая найбольш гэтай любові патрабуе.

Сэрца ў нашым гербе прадстаўлена з палаючым агнём у версе. Агонь з’яўляецца тым, які распальвае пачуццё любові ў сэрцы кожнага салезіяніна, але таксама з’яўляецца тым, які выпальвае ўсё непатрэбнае ў нашых сэрцах, каб чыстае і вольнае цалкам аддалася Божаму провіду.

ЯКАР прадстаўляе нам сімвал надзеі і з’яўляецца найбольшым прадметам у гербе. Гэта не выпадкова. Сапраўды, салезіянская надзея павінна быць вялікай. Ахвяроўваючы сваё жыццё праз манаскую кансэкрацыю, мы ускладаем надзею, што наша ахвяра будзе ўзнагароджана ў небе вечным жыццём. Таксама, аддаючы свае сілы і здароўе выхаванню моладзі, кожны салезіянін мае надзею, што ўсё гэта не надарма, бо шматлікія з іх, дзякуючы гэтаму, могуць змяніць сваё жыццё і збавіць свае душы.

ФРАНЦІШАК САЛЬСКІ, святы апякун Салезіянскага Таварыства. Ян Боско сам выбраў нам яго за апекуна і асаблівага духоўнага настаўніка. Ад прозвішча святога біскупа Жэневы паходзіць назва нашага Таварыства – Салезіяне. Гэты біскуп стаўся для салезіянаў прыкладам пастырскай любові, дабрадушнасці, лагоднасці і незнішчальнай цярплівасці. Будучы пастырам дыяцэзіі, не займаўся нічым, як толькі працай над збаўленнем  даручаных яму авечак.

ЛЕС у ніжняй частцы герба прыпамінае прысутнасць заснавальніка – Яна Боско -  прозвішча якога тлумачыцца з італьянскай мовы менавіта як лес (з іт. вosco – лес, гай). Гэты зялёны гаёк таксама прыпамінае армію хлопцаў, выхаваннем якіх займаўся ксёндз Боско. Моладзь - гэта зялёныя дрэўцы, якія імкнуцца расці, каб сваімі кронамі дакрануцца да нябёсаў.

ГОРЫ, якія знаходзяцца адразу над лесам, сімвалізуюць вышыні хрысціянскай дасканаласці і святасці, якія здабыў св. Ян Боско, і да якіх імкнуўся давесці як мага болей маладых душаў. Святасць штодзённага жыцця – вось гара на якую салезіяне крочуць разам са сваімі выхаванцамі.

ПАЛЬМА І ЛАЎР, галінкі якіх аплятаюць шчыт герба, сімвалізуюць будучую ўзнагароду, якая чакае кожнага салезіяніна ў нябесным Валадарстве за ахвярную працу тут на зямлі.

КРЫЖ, які дамінуе над гербам, з’яўляецца галоўным знакам веры хрысціянаў. Звычайна над гербамі змяшчалі кароны, якія сімвалізавалі ўладу і панаванне. Лацінскі крыж над салезіянскім гербам – гэта знак улады над Таварыствам Святога Рымскага Касцёла, які з’яўляецца жывым Целам Езуса Хрыста. Кс. Боско заўсёды быў паслухмяны і верны Апостальскай Сталіцы, гэтую вернасць ён наказаў шанаваць сваім духоўным сынам.

DA MIHI ANIMAS CAETERA TOLLE - лозунг Салезіянскага таварыства. З лацінскай мовы тлумачыцца як “Дай мне душы, усё астатняе забяры”. З’яўляецца цэнтрам і асновай нашай духоўнасці і харызмы. Вытокі гэтага спалучэння слоў знаходзяцца ў Святым пісанні, а менавіта у кнізе Роду 14:21. У гэтым раздзеле кароль Садомы звяртаецца да Абрама, які захапіў ягонае каралеўства са словамі: “Аддай мне людзей, а маёмасць забяры сабе”. Гэтымі словамі садомскі кароль, паказвае, што галоўным для яго з’яўляюцца яго падданыя, а не нажытае багацце. Гэты сказ упершыню быў ужыты праз св. Францішка Сальскага, які і перарабіў яго на “дай мне душы, усё астатняе забяры”. Кс. Боско, які ахвярна хацеў наследаваць гэтага святога, пераняў ад яго гэты заклік і зрабіў лозунгам новазаснаванага манаскага Таварыства.

“Дай мне душы, усё астатняе забяры”. Цэнтрам гэтага лозунга з’яўляецца захапленне Хрыстом, які аддаў сваё жыццё за выратаванне кожнага чалавека і сёння жадае збаўлення кожнай душы. Езус уцелавіўся, ахвяраваў Сябе на крыжы з-за вялікай любові да Бога і да кожнага з нас. Яго цікавіць толькі выратаванне як мага болей душаў. Гэты пабожны заклік стаўся ўлюбёнай малітвай ксяндза Боско. Кожны салезіянін па прыкладзе свайго святога заснавальніка звяртаецца да Нябеснага Айца гэтымі словамі просячы, каб даў нам як мага болей маладых душаў, якія дзякуючы нашай дапамозе змогуць увайсці ў брамы вечнага Валадарства. Дай нам Божа моладзь, шмат моладзі, асабліва той занядбанай, каб мы маглі праз хрысціянскае выхаванне збавіць іх душы. Дай нам душы, а ўсё астатняе нас не цікавіць. Нам не патрэбная маёмасць і ганаровыя тытулы, нам патрэбна толькі моладзь, якая з’яўляецца “хлебам штодзённым” для кожнага салезіяніна. Выхаванне маладых людзей, і апека над збаўленнем іх душаў – вось наша праца і пакліканне.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Небасхіл Наш Дух »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі справы ідуць добра, не трэба іх змяняць, прыдумваючы прычыну, каб яны ішлі яшчэ лепш

Св. Ян Боско