Святкаванне распачалося з урачыстага адкрыцця аратарыйнага сезона для дзетак. У араторыі ўсе дзеці былі запрошаныя на баль анёлаў, дрэс-кодам свята была наяўнасць крылаў.
Падчас праграмы дзеці сустрэліся з трыма вялікімі Арханёламі, прыпомнілі іх подзвігі і разам перамаглі зло, якое ў сцэнках намагалася сапсаваць Божыя планы. Пасля праграмы дзетак чакала традыцыйнае салезіянскае слоўка, малітва і салодкі стол.
Працяг святкавання адбыўся ў мясцовай святыні. У 12.00 распачалася адпустовая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. Яўген Учкуроніс, пробашч смаргонскай парафіі св. Яна Паўла II. Ксёндз Яўген прамовіў да сабраных гамілію, падчас якой растлумачыў вернікам значэнні імёнаў святых Арханёлаў. Асабліва цікава было паслухаць уплеценую ў гамілію гісторыю смаргонскага касцёла і малітву “Хто ж як Бог”, якой сімвалічна маліліся мясцовыя вернікі, калі святыню аддавалі прадстаўнікам іншых канфесій ці ўвогуле забралі пад склад. Гэтая малітва, напоўненая даверам і любоўю, дадавала надзею на вяртанне храма католікам.
Пасля Імшы вернікі пад гук звана ўрачыста выйшлі з касцёла Эўхарыстычнай працэсіяй, прагнучы праславіць добрага Пана і скласці сведчанне веры перад жыхарамі Смаргоні.