Удельнікі смаргонскага клуба распачалі свой год фармацыі Эўхарыстыяй. Падчас літургіі да сабраных прамовіў гамілію кс. Ігар Лашук, які асаблівым чынам падкрэсліў важнасць чування пры эўхарыстычнай гостыі, у постаці якой прысутнічае жывы Бог. Таксама святар звярнуў увагу на св. Арханёла Міхала, як на моцнага апекуна ў змаганні за штодзённую святасць.
На заканчэнне святой Імшы прадстаўнікі “Савіо-клуба”, прадстаўніцы суполкі ADMA, салезіяне супрацоўнікі, асацыяцыя “Маці ў малітве” і моладзь парафіі павіншавалі с. Ірыну Барцэвіч FMA з днём нараджэння.
Пасля Імшы святкаванне працягвалася ў араторыі. Дзетак чакалі новыя знаёмствы, танцы, гульні і пригляд тэматычнага фільма пра клуб. Напрыканцы аніматары клуба, сям’я Рогач, прадставілі сабраным цікавае слоўка на дабранач, падчас якога кожны атрымаў кубік. З дапамогай кубікаў “савікі” будавалі вежу, якая сімвалізавала супольнасць клуба. У каментарыі было падкрэслена, што ўдзельнікі клуба будуюць вежу разам і што тут кожны важны і вельмі патрэбны.
На заканчэнне ўсіх сабраных чакаў традыцыйны салодкі стол і магчымасць пабыць з сябрамі.