Субота, 09 Лістапад 2019 09:53

Салезiянская сям`я Беларусi адзначыла Дзень Еднасцi

Аўтар

7 лістапада салезіянскай сям’я Беларусі адзначыла Дзень Еднасці. У бягучым годзе гонар прымаць свята атрымала мінская салезіянская супольнасць, прадстаўнiкi якой нясуць сваю паслугу ў парафіi св. Яна Хрысціцеля ў мiкрараёне Серабранка.

Распачалося свята са святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

На распачацце святой Імшы пробашч мясцовай парафіі Аляксандр Мятліцкі SDB прывітаў шаноўнага біскупа, рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевiча SDB, а таксама ўсіх сабратоў салезіянаў і прадстаўнікоў іншых галін салезіянскай сям’і, якія прыбылі на свята.

У сваім казанні бісуп Аляксандр, разважаючы над урыўкам з Евангелля, у якім Езус аздараўляў пракажонных, адзначыў, што ў сучасным свяце людзям вельмі не хапае пачуцця ўдзячнасці. Калі паглядзець на нашыя малітвы, то можна падумаць, што Бог нас ніколі не выслухоўвае, бо з нашых вуснаў часцей выходзяць просьбы, а падзякi нама. Мы прызвычаіліся шмат наракаць: на ўлады, на цэны, на дарогі, на здароўе, на Касцёл. Нажаль, мы заўважаем шмат адмоўных рэчаў і не бачым нічога станоўчага, нічога добрага. Вынікам гэтага становіцца нашая беднасць - недахоп падзякi і задаволеннасцi, мы становімся вельмі сумнымі людзьмі.

“Сапраўдны хрысціянін - гэта той, хто служыць Богу, нібы жадае аддаць Яму доўг, але разумее, што ніколі аддаць яго не зможа. Гэта той, хто разумее, што Бог заплаціў самую вялікую цану за яго свабоду і самую вялікую цану за яго вечнае жыццё. Бог чакае, дарагія браты і сёстры, каб мы праслаўлялі Яго, каб мы былі ўдзячнымі і праяўлялі гэтую ўдзячнасць праз канкрэтныя ўчынкі ў нашым штодзённым жыцці”, – адзначыў у сваім навучанні iерарх.

Біскуп Аляксандр падкрэсліў, што кс. Боско заўсёды вучыў сваіх выхаваўцаў быць удзячнымі. Уся выхаваўчая сістэма настаўніка моладзі будавалася на ўдзячнасці, любові і адданасці. Толькі па-сапраўднаму ўдзячны чалавек можа адкрыць сваё сэрца на любоў Бога. А адкрытыя на любоў сэрцы – найпрыгажэйшы шлях да святасці.

Свой працяг свята атрымала ў араторыі імя св. Яна Боско, дзе сабраныя мелі магчымасць падсілкавацца, зрабіць прыгожыя фотаздымкі, пагуляць, паглядзець прэзентацыю аб дзейнасці салезіянскай сям’і ў гэтым годзе.

Варта адзначыць, што музычнае суправаджэнне праграмы забяспечвала група Bosco Band.

Таксама моладзь з кожнага араторыя, iснуючага на тэрыторыi нашай краiны, прадставіла кароткія нумары, падрыхтаваныя адмыслова да свята. А напрыканцы праграмы сцэнку паказалi самыя малодшыя прадстаўнікі мінскага араторыя.

У сцэнцы жыхары неба, апосталы Павел і Пётр, вельмі зацікавіліся тым, што адбываецца на зямлі, бо шум і гукі далятаюць нават да іх. Апостал Павел распачаў расследванне, падчас якога высветлілася, што прычынай гэтай шумнай радасці сталі салезіяне, якія адзначаюць Дзень Еднасці ў Мінску. Пасля гэтага апостал патэлефанаваў ксяндзу Віктару і выказаў свае віншаванні з нагоды свята.

Напрыканцы Дня Еднасці кс. Віктар выказаў падзяку мінскай супольнасці салезіянаў, сёстрам, салезіянскім супрацоўнікам, аніматарам, удзельнікам суполкі “Адкрытыя сэрцы” і ўсім, хто далучыўся да падрыхтоўкі свята.
Пасля памятнага агульнага фотаздымка ўсе прысутныя атрымалi падарунак: каляндар на новы год, у якім адзначаны ўспаміны ўсіх салезіянскіх святых і благаслаўлёных. А салодкі стол, падчас якога ўдзельнікі Дня Еднасці мелі магчымасць паразмаўляць адно з адным і падзяліцца ўражаннямі аб свяце, прыпамінаў аб салодкасці апекуна салезіянскай сям’і - святога Францішка Сальскага.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско