Каб дзецi маглi больш зразумець і адкрыць для сябе сутнасць разважанняў, кожны дзень быў прысвечаны асобнай тэме.
Прадстаўлялася тэма дня з дапамогай мультфільмаў, працы па групах, гульняў і разважанняў. Паўней асэнсаваць прадстаўленыя тэмы дапамагаў анёл, які кожны дзень аб’яўляўся дзецям ў розных сітуацыях і абставінах.
Удзельнікі вакацый разважалi над тым, як будаваць адносіны, як быць рашучым, як умець выпраўляць свае памылкi. Каб удзельнiкi вакацый маглі абмеркаваць гэтыя тэмы са сваімi бацькамi, кожны раз напрыканцы працы па групах яны атрымлівалі хатняе заданне. Напрыклад, у першы дзень, калі ўдзельнікі разважалі над тым, як будаваць адносіны, яны павінны былі вечарам сабраць усю сваю сям’ю на агульны фотаздымак.
Кожны дзень дзеці прымалі ўдзел у св. Імшы, глядзелі тэматычныя мультфільмы, гулялі, маліліся і разам праводзілі вольны час.
У апошні дзень маленькія вернікі мелі магчымасць наведаць могілкі, дзе разам з аніматарамі і духоўнымі асобамі ўшанавалі памяць памерлых праз малітву на ружанцах, якія дзецi зрабілі самастойна.
Удзельнікі, а таксама усе, хто далучыўся да арганізацыі вакацый, былі удзячныя магчымасці карысна правесці вольны час разам з Богам і сябрамі.