Чацвер, 28 Лістапад 2019 09:37

Традыцыйны музыкальна-вакальны канцэрт у гонар св. Цэцыліі адбыўся ў Смаргоні

Аўтар

Святая мучаніца Цэцылія з’яўляецца ў Касцёле апякункай музыкантаў, харыстаў і касцёльных спевакоў. З гэтай нагоды ў шматлікіх парафіях ладзяцца канцэрты ў яе гонар. Не выключэннем, як i заўсёды, стала парафiя св. Мiхала Арханёла ў Смаргонi.

Паколькі сёлетні канцэрт адбыўся 24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету, то тэматыка канцэрта была прысвечана менавіта Езусу Валадару.

Падчас канцэрта, якi праходзiў пад назвай “Хрыстус Валадар - дому гаспадар”, было прадстаўлена 24 нумары. Сваімі музыкальнымі талентамі мог падзяліцца кожны парафіянін. Вельмі значнымі былі нумары, прадстаўленыя парафіяльным хорам дарослых, хорам дзетак і моладзевай групай “Пілігрымы”. Свае музыкальныя творы прадставілі таксама суполкі парафіі: асацыяцыя ADMA, члены суполкі “Маці ў малітве”, “Савіо-клуб”. Прыгожыя танцавальна-забаўляльныя нумары прадставілі салезіянскія супрацоўнікі і група аніматараў і памочнікаў.

Таксама гледачы маглі ўбачыць выступленне ансамбля танца “Мішутка”, які прадставіў польскі танец “Трояк” і танец “Калыханка”, і прадстаўленне групы “Маладосць душы”, удзельнiкi якой станцавалі “Вальс” і “Кадрыль”.
Напрыканцы свята да сабраных звярнулiся кс. Алег Жураўскі SDB, пробашч парафіі св. Мiхала Арханёла, і с. Габрыэля Родэ FMA, настаяцельніца сясцёр салезіянак маскоўскай інспекторыі.

Пасля прамовы прысутныя ўрачыста заспявалi гімн смаргонскага араторыя i атрымалi благаслаўленне.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Май пакору ў кожным дзеянні, калі гэта павінна служыць збаўленню душаў.

Св. Ян Боско