Панядзелак, 27 Студзень 2020 08:58

Успамін св. Францішка Сальскага адзначылі ў Смаргоні

Аўтар

24 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога біскупа Жэневы – Францішка Сальскага, які з’яўляецца апекуном салезіянскай сям’і. Лагодны характар св.Францішка Сальскага, любоў да бліжніх і прыемныя, нібы мёд, словы з амбоны, паспрыялі таму, што традыцыйна яго пачалі называць мядовым доктарам.

У смаргонскай парафіі Святога Арханёла Міхала, дзе служаць айцы салезіяне і сёстры салезіянкі, у гэты дзень адбыўся ўжо стаўшы традыцыйным “Мядовы фэст”. 

Як і належыць сапраўднаму каталіцкаму святу – ўсё распачалося з Эўхарыстыі. У  парафіяльнай святыні сабраліся вернікі, каб дзякаваць Пану Богу за такога магутнага заступніка, а таксама, каб праз малітву атрымаць благаслаўленне мёду. Ксёндз пробашч Алег Жураўскі SDB падчас прамовы наблізіў да прысутных асобу Францішка Сальскага, распавядаючы пра акалічнасці жыцця святога, яго мудрасць, пра спадчыну, якую ён пакінуў сваім духоўным дзецям – трактат “Філатэя”. Кс. Алег звярнуў увагу вернікаў на тое, што мудрасць, уменне прамаўляць, знаходзіць патрэбныя для кожнай душы словы нарадзіліся ў св. Францішку Сальскім не самі па сабе, а дзякуючы таму, што гэты святы ведаў Слова Божае, не проста ведаў, але жыў Словам. Напярэдадні Нядзелі Божага Слова, свята, якое  ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл адзначае ўпершыню, кс. Алег Жураўскі SDB пажадаў вернікам па прыкладу св. Францішка ўзрастаць у старанным пазнанні Святога Пісання.

Напрыканцы св. Імшы адбылося благаслаўленне мёду праз заступніцтва св. Францішка Сальскага, каб гэты салодкі прадукт стаў сапраўдным лекам для цела і душы вернага люду. Затым адбылося благаслаўленне пчаляроў. 

Св. Францішак Сальскі вучыў, што святасць магчыма для кожнага, не толькі для святара ці біскупа. Пабожнае жыццё можа вясці кожны, але яно рознае ў законнай сястры, у гаспадыні дома, у пробашча, у біскупа, у пчаляра… І так павінна быць. Ненармальна, калі гаспадыня ўвесь час моліцца або біскуп забывае пра свае абавязкі кіраўніка дыяцэзіі. Кожны чалавек павінен “цвісці там, дзе яго пасадзілі”, кожны чалавек павінен старанна працаваць у сваім вуллі. Гэтыя думкі святога натхнілі членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў пры распрацоўцы сцэнарыя “Мядовага фэсту” – свята для пчаляроў, для звычайных людзей, для людзей, кожны з якіх ідзе сваёю дарогай у Божае Валадарства. 

На “Мядовым фэсце” вернікі пазнаёміліся з пчалярамі, мелі магчымасць адпачыць і павесяліцца. А таксама шаноўныя пчаляры прапанавалі ўсім прысутным мёд для дэгустацыі. Па выніках народнай дэгустацыі вылучыліся  пераможцы, якія атрымалі памятныя падарункі ад кс. Алега Жураўскага SDB і членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Да хваробаў душы трэба адносіцца так жа сур’ёзна, як да хваробаў цела.

Св. Ян Боско