У сувязі з тым, што ў наступныя некалькі месяцаў я застаюся на пасадзе вікарыя, то буду вельмі проста, спакойна і ў поўнай пераймальнасці замяшчаць Генеральнага настаяцеля і прывяду Кангрэгацыю да 29-а Генеральнага капітула, які адбудзецца ў лютым 2025 года.
Дарагія сябры штомесячніка Il Bollettino Salesiano, рыхтуючыся напісаць гэтыя радкі, я адчуваю пэўную трывогу. Я з’яўляюся чытачом Bollettino Salesiano ад самага дзяцінства, а зараз апынуўся на супрацьлеглым баку, калі буду павінен напісаць першы артыкул, вылучаны для Генеральнага настаяцеля.
Пішу з радасцю, бо гэтая акалічнасць, якая з’яўляецца для мяне вялікім гонарам, дае магчымасць падзякаваць Богу за нашага дона Анхеля, зараз ужо кардынала Святога Касцёла, які быў абраны на 27-м Генеральным капітуле ў 2014 годзе, за яго дзесяць год каштоўнага служэння Кангрэгацыі і ўсёй Салезіянскай сям’і.
Праз дзесяць год пасля таго капітула ён цалкам перайшоў на службу да Святога Айца, каб выконваць тое, што яму даручыць Папа Францішак. Мы носім яго ў сваіх сэрцах і суправаджаем удзячнай малітвай за тое дабро, што для нас чыніў, бо час не аслабляе ўдзячнасці, а павялічвае яе. Яго асабістая гісторыя з’яўляецца падзеяй не толькі для яго, але і для нас усіх.
Яго адыход, у кананічным сэнсе для яшчэ большага служэння Касцёлу, азначае, што ён заўсёды застаецца з намі і ўнутры нас.
У поўнай пераймальнасці
Як мы зараз пойдзем далей як Кангрэгацыя, так і ў больш шырокім сэнсе, як Салезіянская сям’я? Вельмі проста, спакойна і ў поўнай пераймальнасці. Паводле Салезіянскіх Статутаў, вікарый Генеральнага настаяцеля, у выпадку патрэбы, павінен таксама замяняць, альбо замяшчаць Генеральнага настаяцеля. Так будзе да наступнага Генеральнага капітула.
Статуты салезіянаў кажуць аб гэтым падрабязна і больш упарадкавана, але асноўная канцэпцыя менавіта такая. Застаючыся ў наступныя месяцы на пасадзе вікарыя, буду замяшчать Генеральнага настаяцеля і прывяду Кангрэгацыю да 29-а Генеральнага капітула, які адбудзецца ў лютым 2025 года.
Гэта, безумоўна, цяжкая задача, таму я адразу прашу вас аб малітве і закліку да Святога Духа, каб мы былі верныя Пану Езусу Хрысту з сэрцам дона Боско.
Мяне завуць Стэфано
Перш чым перайсці да важных рэчаў, дазвольце прадставіцца. Мяне завуць Стэфано, я нарадзіўся ў Турыне, у тыповай для нашага рэгіёна сям’і. Мой бацька, былы салезіянскі выхаванец, вырашыў адправіць мяне ў тую самую салезіянскую школу, у якую ў свой час хадзіў і сам, а мая мама, настаўніца, таксама былая выхаванка адной з каталіцкіх школ.
Ад іх я атрымаў жыццё і жывы прыклад веры, простай і канкрэтнай. Так мы ўдваіх і гадаваліся - я і мая сястра.
Мае бацькі ўжо ў небе, у Божых руках, і яны будуць моцна ўсміхацца, бачачы, што адбываецца з іх сынам… Напэўна, яны пракаментуюць гэта так: “Дон Боско, пакладзі сваю руку на яго галаву!”
Як салезіянін, я належыў да салезіянскай правінцыі Piemont Valle d'Aosta, аж пакуль на 27-м капітуле мяне не папрасілі каардынаваць Рэгіён Міжземнага мора (усе салезіянскія справы каля Міжземнага мора на трох кантынентах, якія яно абмывае, уключна Партугалію і некаторыя раёны Ўсходняй Еўропы).
Гэта быў выдатны салезіянскі вопыт, які змяніў мяне, а таксама змяніў маё бачанне і ўспрыманне рэчаў на міжнароднае. 28-ы капітул зрабіў другі крок і прапанаваў стаць мне вікарыем Генеральнага настаяцеля - і вось я тут. Дзесяць год я быў побач з кс. Анхелем і на працягу гэтага часу вучыўся адчуваць сэрца свету - для Кангрэгацыі, якая сапраўды раскідана па ўсёй зямлі.
Бліжэйшая будучыня
Таму служыць на працягу гэтых бліжэйшых месяцаў азначае суправаджаць Кангрэгацыю да наступнага Генеральнага капітула, які адбудзецца ў Турыне, на Вальдокко, 16 лютага 2025 года.
Дарагія сябры, Генеральны капітул з’яўляецца найвышэйшым і найважнейшым момантам у жыцці Кангрэгацыі, на які збіраюцца прадстаўнікі ўсіх правінцый Кангрэгацыі (гаворка ідзе больш як пра 250 сабратоў), па сутнасці, дзеля трох рэчаў: пазнаёміцца адзін з адным, памаліцца і паразважаць “аб сучаснасці і будучыні Кангрэгацыі” і выбраць наступнага Генеральнага настаяцеля і ўсю ягоную Раду.
Гэта вельмі важны момант, на які дон Анхель звярнуў нашую ўвагу сваімі разважаннямі на тэму “Натхнёны Езусам Хрыстом, скіраваны да маладых”.
Гэтая тэма, якую Генеральны настаяцель выбраў для Кангрэгацыі, будзе падзелена на тры розных і ўзаемнадапаўняючых аспекты:
- Цэнтральнае месца Хрыста ў нашым асабістым жыцці, манаскае прысвячэнне,
2) вымярэнне нашага грамадскага паклікання - у братэрстве і ўзаемаадказнасці свецкіх, на якіх ускладзена місія,
3) інстытуцыянальныя аспекты нашай Кангрэгацыі, вывучэнне анімавання і кіравання ў суправаджэнні Кангрэгацыі.
Тры аспекты адной агульнай плённай тэмы.
Нашай Кангрэгацыі вельмі патрэбна перажыць гэты Генеральны капітул, які адбудзецца пасля шматлікіх падзей, што нас закранулі. Прыпомнім, што папярэдні Генеральны капітул адбыўся непасрэдна перад пандэміяй і менавіта з-за каранавіруса быў заўчасна завершаны.
Будаваць надзею
Святкаваць Генеральны капітул азначае святкаваць надзею, будаваць надзею праз пасрэдніцтва інстытуцыянальных і асбістых рашэнняў, якія дазваляюць “марам” дона Боско працягвацца, даючы ім сучаснасць і будучыню.
Кожны чалавек пакліканы быць марай у сэрцы Бога. Марай, рэалізаванай у жыцці.
У салезіянскай традыцыі ёсць прыгожы выраз, які дон Боско сказаў дону Руа, калі паклікаў яго назад на Вальдокко, каб ён заняў ягонае месца: “ Ты быў донам Боско ў Мірабэлле. Зараз будзеш ім тут, у араторыі”.
Гэта сапраўды важна: быць донам Боско сёння.І гэта найвялікшы дар, які мы можам даць гэтаму свету.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, верасень 2024)