Субота, 07 Верасень 2024 23:00

С. Юлія Клевец FMA склала вечныя манаскія абяцанні

Аўтар Аліна Арцюкевіч, салезіянскі аніматар

24 жніўня 2024 года стаў асаблівым днём для салезіянскай сям’і на Беларусі. Маладая сястра з Інстытуту Дачок Марыі Успамогі (FMA) Юлія Клевец прынесла свае вечныя манаскія абяцанні. З 2022 года с. Юлія нясе сваё служэнне ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.

24 жніўня 2024 года стаў асаблівым днём для салезіянскай сям’і на Беларусі. Маладая сястра з Інстытуту Дачок Марыі Успамогі (FMA) Юлія Клевец прынесла свае вечныя манаскія абяцанні. З 2022 года с. Юлія нясе сваё служэнне ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.

 

Урачыстая святая Імша з удзелам дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандра Яшэўскага SDB адбылася ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Каб падтрымаць малітоўна сястру, у святыні сабраліся святары салезіяне на чале з ксяндзом дэлегатам Паўлам Шчарбіцкім SDB, сёстры салезіянкі, сябры і блізкія с. Юліі. Важным госцем была с. Маргарыта Петрушчак FMA, настаяцельніца візітаторыі.

 

Гамілія біскупа Аляксандра была сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных на святой Імшы, але асаблівым чынам яна была прысвечана с. Юліі. Абапіраючыся на Евангелле (Ян 15, 9-17), пачутае падчас Імшы, іерарх разважаў над тым, што на працягу ўсёй гісторыі Касцёла Бог выбірае нечаканных людзей для выканання надзвычайных задач:

 

“Мы ўсе выбраныя Богам, каб абвяшчаць Божыя магутныя справы. Выбраныя Богам, можна сказаць, адабраныя ўручную, і прызначаныя прыносіць плён Божай любові ў гэтым свеце.”

 

Скончыў сваю прамову біскуп словамі, звернутымі менавіта да сястры Юліі, падзякаваўшы за яе адданасць і яе смелае “так”, выказанае Богу: “Калі некалі і быў час, каб Касцёл быў Касцёлам, то гэта, безумоўна, цяпер. А ты з’яўляешся часткай Касцёла. Ты тая, каго з нейкай прычыны Бог выбраў для гэтага задання. Ты з’яўляешся дзіўным выбарам Бога для выканання гэтай надзвычайнай задачы – прынесці аздараўленне і надзею ў наш свет, а асабліва дзецям і моладзі.”

 

Пасля гаміліі адбыўся абрад складання вечных манаскіх абяцанняў. Спачатку с. Юлія выказала сваё жаданне і гатоўнасць дабраахвотна цалкам ахвяраваць сябе Богу па прыкладу св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло, якая разам са св. Яна Боско заснавала Інстытут Дачок Марыі Успамогі.

 

Адным з найважнейшых момантаў было зачытванне с. Юліяй Клевец FMA уласнаручна напісанай формулы манаскіх абяцанняў перад сястрой дэлегаткай.

 

У адпаведнасці з абрадам адразу пасля прамаўлення формулы манаскага абяцання сястра Юлія падпісала дакумент на алтары, каб яе жыццё было злучанае з ахвярай Хрыста назаўсёды. Потым яна атрымала ад біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB пярсцёнак як знак, які будзе нагадваць пра дасканалую еднасць з Хрыстом, Абраннікам, разам з якім с. Юлія згаджаецца штодзённа выконваць волю Нябеснага Айца.

 

Атрымаўшы благаслаўленне, салезіянская сям’я склала свае шчырыя віншаванні для сястры. У сваю чаргу с. Юлія выказала словы падзякі, падкрэсліўшы важнасць малітоўнай падтрымкі ўсіх прысутных і тых, хто назіраў за важнай падзеяй праз анлайн-трансляцыю.

 

Пасля святой Імшы ўсе прысутныя былі запрошаныя на святочны абед, каб у духу адной вялікай сям’і разам адсвяткаваць і павіншаваць сястру Юлію з такой важнай не толькі для яе, але і для ўсіх нас падзеяй.

 

Фота: Уладзіслава Вяржынская

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі з’яўляемся хрысціянамі, павінны наследаваць Езуса Хрыста таксама і ў цярпенні

Св. Ян Боско