14 снежня ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча салезіянскай сям’і напярэдадні Божага Нараджэння. Мерапрыемства сабрала святароў салезіянаў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў, прадстаўнікоў суполкі ADMA, салезіянскіх аніматараў. Асаблівым госцем стаў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Сустрэчу распачаў рэгіянальны настаяцель рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства Святога Францішка Сальскага” у Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, які прывітаў усіх прысутных і падзякаваў за іх гатоўнасць раздзяліць радасць гэтых святочных момантаў. У сваёй прамове ён падкрэсліў: “Салезіянская сям’я — гэта супольнасць, якая аб’ядноўваецца вакол адной мэты: прывесці моладзь і сем’і да Хрыста. Асабліва важна, каб напярэдадні Божага Нараджэння мы змаглі паказаць адно аднаму прыклад сапраўднай хрысціянскай любові, якая яднае і натхняе”.
Біскуп Аляксандр у сваім слове падзяліўся думкамі пра значнасць салезіянскага служэння ў сучасным Касцёле. Ён адзначыў, што салезіяне ў Беларусі выконваюць не толькі пастырскую, але і сацыяльную місію, дапамагаючы моладзі і сем’ям адшукаць свой шлях да Бога. Біскуп распавёў пра свой досвед удзелу ў Сінодзе ў Ватыкане і сустрэчу са Святым Айцом. Ён працытаваў словы Папы Францішка: “Мая мэта – не рэформы, а вядзенне людзей да Хрыста. Менавіта Хрыстус здзяйсняе сапраўдныя перамены ў сэрцах”.
Гэтыя словы, па словах біскупа, натхняюць успомніць прыклад святога Яна Боско, які сваім жыццём і дзейнасцю паказаў, як праз давер Богу і любоў да моладзі можна здзяйсняць вялікія перамены. “Хачу пазычыць усім нам нястомна ісці за Хрыстом і прыводзіць да Яго іншых, каб Ён змог здзейсніць перамены ў жыцці кожнага чалавека,” – завяршыў біскуп.
Пасля ўдзельнікі атрымалі ў падарунак снуды з экалагічнай выявай, што падкрэсліла як шмат інфармацыі па ахове навакольнага асяроддзе салезіянская сям'я даваедалася пад час акцый напрацягу года.
Сустрэча працягнулася віншаваннямі ад прадстаўнікоў розных галін салезіянскай сям’і. Атмасферу свята ўзмацнілі традыцыйныя калядныя спевы, якія ўсе сабраныя выканалі разам. Галоўным момантам вечара стала дзяленне аплаткай, сімвалам адзінства і ўзаемнай любові. Гэтая цёплая і душэўная сустрэча пакінула глыбокія ўражанні ў сэрцах усіх удзельнікаў, стаўшы сапраўднай падрыхтоўкай да радаснага святкавання Божага Нараджэння.