СЭРЦА ВЯЛІКАЕ
ЯК МАРСКОЕ ЎЗБЯРЭЖЖА
Нам падораны новы час: ад Божага Сэрца да сэрца чалавецтва ў люстэрку вялікага сэрца дона Боско
Дарагія сябры і чытачы, у гэтым снежанскім нумары я звяртаюся да вас з зычэннем усяго найлепшага ў новым годзе! У новым годзе, які нам падораны для таго, каб мы жылі больш інтэнсіўна і новым жыццём. А таксама далучаюся да прыдатнага і слушнага зычэння і падарунка, якія нам даў Святы Айцец апошнімі днямі: да энцыклікі Dilexit nos аб чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста.
Мы, салезіяне, добра ведаем гэтыя словы: “Бог даў табе сэрца вялікае/ як пясок на беразе мора. /Бог табе даў свайго духа: / вызваліў тваю любоў”.
Папа Пій ХІ, які добра ведаў дона Боско, казаў, што той меў “цудоўную і ўнікальную якасць”: ён быў “вялікім знатаком душ” і бачыў іх “у розуме, у сэрцы і ў крыві нашага Пана Езуса Хрыста”. Прынамсі, на гербе нашай Кангрэгацыі ёсць выява гарачага сэрца.
Папа Францішак так прадстаўляе энцыкліку Dilexit nos у артыкуле 2 : “Каб выявіць любоў Езуса, часта ўжываецца сімвал сэрца. Некаторыя задаюць сабе пытанне, ці працягвае ён захоўваць сваё значэнне. Але калі мы не хочам спакушацца знешнім, жыць, спяшаючыся, не ведаючы ў канчатковым выніку, для чаго мы павінны стаць ненасытнымі спажыўцамі і нявольнікамі механізма рынка, які не мае клопату аб сэнсе нашага існавання, мы павінны аднавіць важнасць сэрца”.
Якое ж гэта моцнае даручэнне ад нашага Папы, ў якім ён нам паказвае новы спосаб жыцця - у новым часе, што нам падораны, у годзе, які прыйдзе!
У артукуле 21 Папа Францішак піша: “Ядром кожнага чалавека, яго найінтымнейшым цэнтрам з’яўляецца не ядро ягонай душы, а цалкам увесь чалавек у яго выключнай ідэнтычнасці, якая ўяўляе сабой адзінства душы і цела. Усё злучаецца ў сэрцы, якое можа быць месцам любові з усімі яе духоўнымі, псіхалагічнымі і фізічнымі складнікамі. У канчатковым выніку, калі ў сэрцы валадарыць любоў, чалавек дасягае сваёй уласнай індывідуальнасці ў поўным і ззяючым выглядзе, бо кожная чалавечая істота створана, перш-наперш для любові - у сваёй запаветнай глыбіні душы, каб любіць і быць любімай. А ў артукуле 27 гэтай энцыклікі ён дадае: “Перад жывым і прысутным Сэрцам Езуса наша думка асветленая Духам, разумее ягоныя словы. Такім чынам, нашая воля прыходзіць у рух, каб іх здзейсніць. Але гэта можа стаць формай самадастатковага маралізму. Успрымаць і адчуваць Пана, шанаваць Яго - гэта справа сэрца. Бо толькі сэрца здольнае прывесці да руху астатнія здольнасці і пачуцці і ўсю нашую істоту да стану павагі і поўнай любові паслухмянасці Богу”.
Я не буду працягваць далей і спадзяюся, што натхніў вас прачытаць гэтую цудоўную энцыкліку, якая з’яўляецца не толькі вялікім дарам, каб пражыць час, падораны нам, але зрабіць гэта ў новы спосаб, хоць дастаткова было б і гэтага. Гэта таксама і глыбока салезіянская рэкамендацыя.
Як шмат напісаў дон Боско і як шмат ён зрабіў, каб пашырыць ушанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса, як да Божай любові, якая суправаджае нашую чалавечую рэальнасць!
Цудоўны імпэт
У “Біяграфічных нататках” (Memorie Biographiche) мы знаходзім, што аб доне Боско напісана: “У душы ён меў вельмі палымнеючую пашану да Найсвяцейшага Сэрца і яна ажыўляла ўсе ягоныя справы, надавала эфектыўнасці яго сямейным размовам, казанням і выкананню яго служэння так, што мы ўсе былі зачараваныя і перакананыя (сведчанне дона Банэцці). Здавалася, што Найсвяцейшае Сэрца супрацоўнічала і надзычайна дапамагала у выкананні ягонай цяжкай місіі” (MB, VIII.
Том, 243-244).
Гэта сведчанне ўшанавання донам Боско Найсвяцейшага Сэрца “пластычна” атаясамліваецца з аднайменнай базылікай, якую дон Боско збудаваў у Рыме згодна з пажаданнем тагачаснага Папы.
Матэрыяльнае збудаванне дасылае і кіруе ўсіх нас на “манументальнае” шанаванне донам Боско Найсвяцейшага Сэрца. Пабожнае ўшанаванне донам Боско Панны Марыі і Найсвяцейшага Сэрца выявілася ў касцёлах, якія ён збудаваў. Бо ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца - гэта ўшанаванне Эўхарыстыі, гэта культ Эўхарыстыі.
Сэрца дона Боско, якое стала выяўляе любоў да Эўхарыстыі, - гэта цудоўны асабісты імпульс, які мы здольныя зрабіць жывым і сапраўдным у новым годзе. Гэта сапраўднае і глыбокае зычэнне шчаслівага новага года, пражытага напоўню. Як спяваецца ў вышэйузгаданым гімне: “Ты сфармаваў народ/ Са здаровым і моцным сэрцам:/ Ты паслаў яго ў свет абвяшчаць/ Евангелле радасці. “
Гэтае кароткае пасланне, у якім я ад усяго сэрца віншую ўсіх з Новым годам, хачу скончыць спосабам, які прыпамінае Папа Францішак на першых старонках згаданай энцыклікі. Ён спасылаецца на ўрокі сваёй бабулі аб значэнні назвы карнавальных слодычаў - „blafákov“. Цеста ў часе прыгатавання кісне, набухае і застаецца пустым… так што іх вялікаму і прыгожаму знешнему выгляду адпавядае пустата ўнутры. Знешне выглядаюць вялікімі, але такімі не з’яўляюцца. Гэта і ёсць „blafáky“( ад слова блефаваць).
Няхай для ўсіх нас новы год будзе напоўнены і багаты зместам, каб мы ў канкрэтны спосаб прынялі Бога, які прыходзіць да нас і застаецца сярод нас.
Няхай яго прыход прынясе мір і праўду, няхай тое, што бачна звонку, адпавядае таму, што ўнутры.
Зычу вам усяго найлепшага!
(Паводле Il Bollettino Salesiano, снежань 2024)
пераклад Аляксандр Дзёўкш ASSCC