Чацвер, 23 Студзень 2025 10:36

ЧАС – ЯКІ ЦУДОЎНЫ ПАДАРУНАК!

Аўтар

ПАСЛАННЕ ВІКАРЫЯ

дона Стэфана Мартолія

 

                     ЧАС – ЯКІ ЦУДОЎНЫ ПАДАРУНАК!

ПАСЛАННЕ ВІКАРЫЯ

дона Стэфана Мартолія

 

                     ЧАС – ЯКІ ЦУДОЎНЫ ПАДАРУНАК!

 

  Пачатак новага году прасякнуты ў нашай літургіі старадаўнім благаслаўленнем, якім святары Ізраэля благаслаўлялі народ: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе!
Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай.
Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам.

  Дарагія сябры і чытачы штомесячніка Il Bollettino Salesiano, мы знаходзімся ў пачатку новага году, таму давайце пазычым адно аднаму ўсяго найлепшага на надыходзячы час, час, які прыйдзе. Гэта падарунак, які змяшчае ў сабе ўсе астатнія падарункі, у якім разгортваецца нашае жыццё.

  Напоўнім гэтае зычэнне зместам і дазволім яму заззяць. Дамо слова дону Боско, які, прыехаўшы да семінарыі ў К’еры, спыніўся каля сонечнага гадзінніка - ён і цяпер вісіць на панадворкавым муры - і пазней аб гэтым распавёў: “Калі я ўзняў галаву, то ўбачыў сонечны гадзіннік і прачытаў ля яго наступны надпіс: “Afflictis lentae, celeres gaudentibus horae” (Для маркотных людзей час ідзе памалу, для радасных хутка). Затым я сказаў свайму сябру: “Гэта нашая праграма: будзем заўжды вясёлымі і час для нас міне хутка”( (Biographical Memoirs I, 374).

  Найперш, зычым адзін аднаму наступныя словы, якія пакінуў нам дон Боско: “Жывіце добра, жывіце мірна і адорвайце спакоем людзей побач з сабой, і час набудзе інакшую каштоўнасць! Кожны адрэзак часу - гэта скарб. Але гэты скарб хутка мінае. Дон Боско з радасцю заўсёды тлумачыў: “Трыма ворагамі чалавека з’яўляюцца смерць (што застае знянацку), час (які ўнікае ад яго) і шатан (які ставіць яму свае пасткі)” ( ВМ V, 926)...

  Адно старадаўняе зычэнне радзіць наступнае: “Памятай, што быць шчаслівым не азначае мець неба без бур, дарогу без аварый, працу без намаганняў, адносіны без расчараванняў. Быць шчаслівым азначае не толькі святкаваць поспехі, але і зрабіць высновы з няўдач. Быць шчаслівым азначае вызнаць жыццё вартым таго , каб жыць, нягледзячы на цяжкасці, непаразуменні і часы крызісаў. Гэта азначае кожную раніцу дзякаваць Богу за цуд жыцця.”

  Адзін мудрэц меў у сваім кабінеце вялізны гадзіннік з маятнікам, які кожную гадзіну адбіваў урачыста, павольна, але разам з тым вельмі гучна.

  “Ці не перашкаджае гэта вам?”- спытаў у яго адзін з вучняў.

  “Не”, - адказваў мудрэц. “Я дзякуючы гэтаму кожную гадзіну вымушаны задаваць сабе пытанне: “Што я зрабіў за гадзіну, якая зараз мінула?”

  Час- гэта адзіны неаднаўляльны рэсурс. Ён выдаткоўваецца з неверагоднай хуткасцю. Мы ведаем, што наступнага шансу ўжо мець не будзем. Таму ўсё дабро, якое можам здзейсніць і выявіць - любоў, дабрыню і пяшчоту, да якіх мы здольныя, - мы павінны аддаць цяпер. Бо другі раз на гэтую зямлю мы больш не вернемся.

  З вечным пакаяльным дакорам у сваёй душы мы пачуем, як нас Нехта запытае: “Што ты зрабіў з усім тым часам, якім я цябе адараваў?”

 

                                   Нашу надзею завуць Езус

  У новым часе, які мы толькі распачалі, усе даты і лічбы ў календары - звычайныя знакі. Гэтыя знакі і лічбы былі ўпарадкаваны для вымярэння часу. З пераходам ад старога году да новага мала што змянілася, але ўнутраннае адчуванне, што год скончыўся, змушае нас падводзіць вынікі. Як шмат мы любілі? Колькі магчымасцей праявіць любоў мы страцілі? Наколькі мы сталі лепшымі , альбо горшымі? Час, які мінае, ніколі не пакідае нас такімі самымі.

  На пачатку года літургія заахвочвае нас да падсумавання вынікаў у цалкам асаблівы спосаб. Яна робіць гэта праз пасрэдніцтва ўводных словаў Евангелля ад Яна: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было на пачатку ў Бога. Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго” (Ян 1-5). На заднім плане нашага жыцця гучыць Слова, якое большае за нас. Яно прычына, па якой існуем мы, існуе свет, існуе ўсё. Гэтае Слова ёсць сам Бог,  Яго Сын Езус. Прычына, па якой мы былі створаны, мае імя - Езус.

  Ён - сапраўдная прычына ўсяго, што існуе і менавіта ў ім мы можам зразумець тое, што існуе. Аб нашым жыцці нельга судзіць, параўноўваючы яго з гісторыяй, гістарычнымі падзеямі і менталітэтам гістарычнага мінулага. Нашае жыццё не павінна ацэньвацца толькі так, на наш погляд і з нашага вопыту. Нашае жыццё становіцца зразумелым толькі тады, калі набліжаем яго да Езуса. У Ім усё набывае сэнс і змест, нават супярэчлівыя і несправядлівыя падзеі, што адбыліся з намі. Менавіта пазіраючы на Езуса, мы разумеем штосьці аб сабе саміх. Гэта добра адлюстроўваюць словы псальма: “У тваім святле ўбачым святло”( Пс. 36, 10).

  Гэта спосаб убачыць час паводле Божага Сэрца і мы хочам гэты новы час пражыць паводле Яго.

  Новы год усім нам - салезіянскай сям’і і Кангрэгацыі - прынясе важныя падзеі і новыя справы. Усё гэта ў рамках дару Юбілею, што перажываем у Касцёле.

  У духу Юбілея дазваляем сабе быць падхопленымі Надзеяй, якой з’яўляецца прысутнасць Бога ў нашым жыцці. Першы месяц гэтага новага году, студзень, багата прыбраны салезіянскімі святамі, якія прывядуць нас да ўспаміна дона Боско. Дзякуем Богу за гэты ласунак, з якога Ён дае нам пачаць новы год.

  За гэта давайце дадзім апошняе слова дону Боско і скіруем нашыя позіркі да яго прынцыпа, які сфарміруе наш год 2025: “Сыны мае, захоўвайце час і час захавае вас на векі “(MB XVIII, 482, 864).

 

  (Паводле Il Bollettino Salesiano, студзень 2025 )

 

Пераклад Аляксандр Дзёўкш ASSCC

Думкі ксяндза Боско

Калі чый-небудзь сын пакідае сваіх бацькоў, каб адказаць на сваё пакліканне, Езус Хрыстус сам займае мейсца ў гэтай сям'і.

Св. Ян Боско