Пятніца, 14 Ліпень 2017 13:52

Пра беларускую шчырасць, лазню і веру: аніматар са Славакіі падзяліўся ўражаннямі ад СМЕП

Аўтар

У #СМЕП18 разам салезіянскімі пілігрымамі Беларусі ў Будслаў крочыў таксама Тадэаш – аніматар з салезіянскага араторыя ў Славакіі. Супрацоўнікі sdb.by задалі некалькі пытанняў замежнаму госцю і даведаліся пра яго ўражанні ад пілігрымкі і ад Беларусі.

Тадэ завітаў у Беларусь па запрашэнні свайго сябра Марка Найдзіча SDB, з якім яны пазнаёміліся ў Славакіі, калі Марк праходзіў практыку ў салезіянскім таварыстве.

Сам Тадэ родам з Цеплічкі над Вагом (Teplička nad Váhom)— гэта маленькая вёска каля горада Жыліна (Žilina). Тадэашу 18 гадоў, вучыцца ён ў гімназіі Каралевы Спакою ў Жыліне. Хлопец грае ў музычным аркестры, захапляецца тэатрам, у якім сам вельмі часта ўдзельнічае як акцёр. З салезіянамі ён пазнаёміўся падчас дзіцячага летніка ў 2009 годзе, і пасля гэтага знаёмства салезіянскі араторый стаў для яго другім домам. Тадэ з’яўляецца актыўным аніматарам у Жылінскім араторыі, пад яго кіраўніцтвам адбываецца сустрэча дзесяці хлопцаў.

 

- Як з’явілася жаданне наведаць Беларусь і чаго чакаў ад гэтага падарожжа?

 

- Гэта вельмі проста. Пасля сяброўства з Маркам маё жаданне прыйшло само па сабе, так натуральна. Але пазней гэтае жаданне перамянілася ў іншы памер. Кажу пра прагу ўнутранага суцішэння, самоты і пошуку  Бога.  Камбінацыя беларускай атмасферы і сябра, поўнага імпульсаў, ідэй, здалася для мяне вельмі добрым выбарам.

Чаго я чакаў ад гэтай дарогі? Гэта трохі дзіўна, прымаючы пад увагу мой характар, але я цалкам аддаўся Божаму провіду. Адзінае, чаго я прагнуў у сваёй душы –  унутраная самота і авантура з Богам.

 

-Што ведаў пра нашу краіну да знаёмства з Маркам?

 

- Нічога (смяецца).

 

- Ці хадзіў раней у пілігрымкі і ці рады быў магчымасці схадзіць у паломніцтва тут, у Беларусі?

 

- Так, у мяне ёсць  вопыт у пілігрымках.

Канешне, я вельмі цешыўся магчымасці ісці ў пілігрымку ў Беларусі. Я чуў пра яе, што яна з’яўляецца “духоўнай бомбай”. Таксама і Марк вельмі заахвочваў мяне да ўдзелу ў СМЕП, таму я прабываў у хвалюючым чаканні.

 

- Што больш за ўсё ўразіла ў СМЕП?

 

- Мяне ўразіла праяўленне веры, вельмі простае, але ў той самы момант надзвычай шчырае. Акрамя таго, мяне прыемна здзівіла своеасаблівая сталасць маладых людзей, якую вельмі мала дзе ўбачыш. Таксама я павінен прызнацца, што мяне спачатку ўразілі некаторыя моманты, жэсты. Напрыклад: бласлаўленне пілігрымаў, уваходы ў касцёлы і іншыя. Толькі з часам я знайшоў у іх глыбіню і сэнс, яны памагалі мне маліцца. Такі спосаб малітвы для мяне надзвычайны. Таксама не магу не адзначыць, што мяне вельмі моцна ўразіла беларуская лазня  (смяецца).

 

- Які вопыт са Славакіі параіў бы пераняць салезіянам Беларусі і наадварот, што такога ёсць у беларусаў, што можа быць карысным у Тваёй краіне?

- Мне здаецца, што добрай дзейнасцю для салезіянаў у Беларусі могуць быць нашы “сустрэчы” (stretka), якія ў Славакіі з’яўляюцца асновай дзейнасці салезіянскіх араторыяў. “Сустрэча” – гэта група хлопцаў, дзяўчат равеснікаў, за якую адказныя каля двух аніматараў. Спатканні адбываюцца адзін раз у тыдзень. Такіх “сустрэч” у араторыі шмат і яны твораць адну вялікую сям’ю, якая ўзмацняецца супольнымі незапланаванымі сустрэчамі. “Сустрэчы” з’яўляюцца незамянімай ўмовай для стварэння жыцця сям’і з ўсім, што да гэтага адносіцца.

Што да беларускага вопыту, то трэба сказаць, што, на жаль, я бычыў яшчэ няшмат. Магу толькі падзяліцца тым, што адчуў і што перажыў. З салезіянскай Беларусі  я бы прынёс у салезіянскую Славакію нешта з культуры тых, хто ў араторыі. А менавіта самастойнасць і вялікае жаданне моладзі да араторыя. Вось гэты запал моладзі мне вельмі падабаецца!

 

- Ці знайшоў тут новых сяброў?

 

- Безумоўна, я нават не чакаў іх на такім узроўні. Дзякуй за іх і дзякую ім. Гэта для мяне вялікі дар ад Бога. Моцна веру, што гэтыя сяброўствы будуць трываць, яны ж аб гэтым ведаюць. Вернасць правяраецца расстаннем.

 

- Ці будзеш раіць сваім знаёмым наведаць нашу краіну, схадзіць у СМЕП?

 

- Раіць ім гэта магу, але з двух бакоў ведаем, што гэта не зусім проста. Для мяне (і агульна для ўсіх, як мне здаецца) наведаць вашу краіну вельмі каштоўная, карысная і незвычайная справа. Але калі так, тады толькі з умовай, што абавязкова неабходна схадзіць у СМЕП.

 

- Якая на твой погляд самая адметная рыса характару беларусаў?

 

- Прастата і шчырасць. (У тым асяроддзі, у якім я знаходзіўся).

 

- Дзя прыгажэйшыя дзяўчаты, у цябе на радзіме? Ці тут, у Беларусі?)

 

- Прабачце, але гэтую інфармацыю я не магу адкрыць. Каму гэта цікава, няхай запытае асабіста

 

- Можа застанешся жыць тут?))

 

- О! З вялікай радасцю я б працягнуў свой візіт, але беларускае заканадаўства мне гэтага не дазволіць. Мяне чакаюць дома, некаторых я чакаю ў Славакіі...

 

-Дзякуй за размову!

Гутарыў Уладзіслаў Зарэцкі ASC

Пераклад Марк Найдзіч SDB

фота – з асабістага архіву Тадэ

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Зразумела, што лягчэй расхвалявацца, чым узяць сябе ў рукі, прыгразіць дзіцяці, чым растлумачыць яму. Нам, з нашаю нецярплівасцю і пыхаю, найвыгадней біць тых, хто не саступае, чым з цярплівасцю іх навучаць. Цярплівасць — гэта дар Духа Святога, аб якім трэба маліцца.

Св. Ян Боско