Як і калі ўзнікла ідэя “Бітвы мікрараёнаў”?
Вераніка:
– Я думаю, што ў кожнага члена салезіянскай сям’і ёсць жаданне быць з моладдзю і рэагаваць на выклікі сённяшняга часу, шукаць спосабы прыцягваць маладых да Бога нечым новым і цікавым. Зараз сучасны свет прапануе шмат выбару, але не кожны добры. Некалькі гадоў таму “Бітва мікрараёнаў” ужо праводзілася ў смаргонскім араторыі. Яшчэ тады я была толькі яе гледачом. Пасля гэтага ідэйны натхняльнік і рэалізатар той “Бітвы” Аляксандр Манчак прапанаваў салезіянам-супрацоўнікам узяцца за арганізацыю, можна сказаць, новага, больш маштабнага і грандыёзнага праекта для моладзі.
Ларыса:
– Ідэя “Бітвы” ўзнікла ў 2014 годзе. Хаця сам праект не з’яўляецца новым.
Ідэю прапанаваў салезіянін-супрацоўнік Аляксандр Манчак. Ён быў адным з удзельнікаў першай “Бітвы мікрараёнаў”, якая праходзіла ў араторыі некалькі год таму.
Аляксандр:
– Ну калі ўжо мяне назвалі асноўным ініцыятарам усяго гэтага, то распачну з самага пачатку… “Бітва мікрараёнаў” ужо існавала раней, нешта падобнае ўжо арганізоўвалася ў араторыі для салезіянскай моладзі ў 2009 годзе. Рабілася гэта дзеля таго, каб арганізаваць карыснае правядзенне вольнага часу суботнімі вечарамі. А каб было больш цікава, падзялілі тры каманды па геаграфічнаму прынцыпу. Але гэта толькі некалькі вясенніх вечароў і выключна для моладзі з араторыя.
“Бітва мікрараёнаў” такая, якой мы яе бачым зараз, нарадзілася ў цягніку Мінск-Гудагай, па дарозе са сталіцы ў Смаргонь. Была восень 2014 года. Дух Святы накіраваў – за 2 гадзіны шляху з’явілася і ідэя, і канцэпцыя з 4 тураў, і прынцып дзялення на 3 каманды, і нават думкі, хто б з аніматараў мог бы весці за сабой гэтыя тры каманды.
Я ўжо глядзеў на араторый не як парафіянін, не як аніматар, а як салезіянін-супрацоўнік. Было вялікае жаданне паказаць моладзі з араторыя, а праз іх усім маладым людзям Смаргоні, што ёсць і іншыя варыянты правядзення вольнага часу, рэалізацыі сябе і магчымасці падзяліцца сваімі талентамі. І гэта не толькі гаджэты… Яны дапамагаюць сёння вырашаць шматлікія пытанні і жыць больш шырока, але вельмі часта зацягваюць у іншы бок, усё далей ад рэальнага жыцця, самаразвіцця, ад жывых адносін між людзьмі. Таксама, вельмі важна, і пра гэта мы заўсёды нагадвалі, што наш праект, нягледзячы на тое, што мае ў сваёй назве слова “Бітва”, будуецца на добрым настроі, падтрымцы і ўзаемнай павазе паміж камандамі.
Як адрэагавалі салезіяне на вашу ініцыятыву?
Аляксандр:
– Ідэя так і працягвала заставацца ідэяй, запісанай на двух старонках у сшытку амаль цэлы год. У верасні 2015 года адбылася размова наконт бітвы з ксяндзом Паўлам Шчарбіцкім SDB, які на той момант быў адказным за араторый. Я атрымаў пазітыўны адказ. Тады ксёндз Павел запытаў, ці змагу я ўзяць на сябе адказнасць за рэалізацыю гэтага праекта. Святар таксама папрасіў мяне даць яму больш канкрэтны план, вызначыць мэты, а таксама магчымы тэрмін правядзення. І вось праз некаторы час “Бітва” была канчаткова зацверджана. Мы спыніліся на чатырох турах у студзені-красавіку 2016 года.
Вераніка:
– Са свайго боку хачу дадаць, што салезіяне безумоўна адрэагавалі пазітыўна і заўсёды дапамагалі ў рэалізацыі “Бітвы мікрараёнаў” як духоўна, так і матэрыяльна. Яны заўсёды адкрыты на нешта новае і цікавае, на тое, што будзе падабацца моладзі і служыць дзеля іх збаўлення.
Ларыса:
– А я адкажу на гэтае пытанне з боку салезіян-супрацоўнікаў, якія і сталі галоўным рухавіком “Бітвы”. Яны з радасцю адклікнуліся на прапанову. Хаця, шчыра кажучы, не вельмі разумелі першапачаткова, што гэта такое і ў чым сэнс праекта.
Што спатрэбілася для таго, каб гэтую ідэю рэалізаваць?
Вераніка:
– Каб “Бітва мікрараёнаў” адбылася, спатрэбілася, перш за ўсё, камандная работа святароў, сясцёр, супрацоўнікаў, аніматараў і ўдзельнікаў каманд. Толькі разам можна стварыць нешта сапраўды добрае. Так і атрымалася. Аднак, як і ў любой сям’і, не ўсё было гладка і лёгка. Былі пэўныя цяжкасці. Але з дапамогай малітвы, размовы і Божай падтрымкі ўсё атрымалася пераадолець.
Ларыса:
– Так, для рэалізацыі гэтай справы спатрэбіліся ідэі на чатыры туры “Бітвы”, жаданне працаваць і адданасць справе 6-7 супрацоўнікаў, якія непасрэдна рыхтавалі праект. І, зразумела, вялікая дапамога астатніх салезіян-супрацоўнікаў, якія падтрымлівалі матэрыяльна і фізічна. Трэба таксама дадаць да гэтага крэатыўны падыход да афармлення залы араторыя на час “Бітвы мікрараёнаў” сястры Ірыны Барцэвіч FMA. І, канешне ж, духоўная падтрымка пробашча і нашых святароў у справе працы з моладдзю і з намі, супрацоўнікамі. А яшчэ – вельмі адданая і адказная праца капітанаў-аніматараў, якія сфарміравалі свае каманды, адказвалі асабіста за падрыхтоўку кожнага з 4 тураў, запрасілі да падрыхтоўкі і да ўдзелу ў праекце сваіх бацькоў і настаўнікаў.
Аляксандр:
– Тады, калі гэты праект толькі нараджаўся, была думка рэалізаваць яго з дапамогай салезіян-супрацоўнікаў і былых выхаванцаў араторыя. Мы паразмаўлялі, абмеркавалі… І так з’явіліся ў камандзе арганізатараў Ларыса Валынец ASC, Дзмітрый Дэбесь ASC, Вольга Юрэвіч ASC і Сяргей Юрэвіч, Віталь Арцёменка ASC і Міраслаў Куцько. Кожны прыняў удзел у арганізацыі па меры магчымасці і жадання. І першая “Бітва мікрараёнаў” адбылася. Склад арганізатараў другой “Бітвы” крыху змяніўся – некаторыя не змаглі працягваць па розных прычынах. Але да нас далучыліся актыўныя кандыдаты ў салезіяне-супрацоўнікі Вераніка і Эдуард Рогачы, а таксама Дзяніс Акуліч.
І ўсё роўна гэтага было недастаткова для рэалізацыі нашай ідэі. “Бітва” – гэта адкрыты праект і мерапрыемства. Было таксама вялікае жаданне прыцягнуць шмат іншых хлопцаў і дзяўчат з усяго горада, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці і стаўлення да рэлігіі, адзнак у школе, узросту і месца жыхарства. Таксама вялікая адказнасць лягла на плечы аніматараў араторыя, капітанаў каманд, якія з салезіянскім запалам дапамагалі моладзі рэалізоўваць свае таленты.
Як адбывалася падрыхтоўка да першай “Бітвы мікрараёнаў”?
Ці адразу ўзнік канчатковы канцэпт у чатыры туры? Па якому прынцыпу прыдумваліся заданні?
Ларыса:
– Канцэпт у чатыры туры ўзнік адразу.
Першы тур – знаёмства з камандамі, іх самапрадстаўленне;
Другі тур – інтэлектуальнае спаборніцтва;
Трэці – спартыўныя гульні;
Чацвёрты – творчы тур.
Чаму менавіта так? Галоўная ідэя “Бітвы мікрараёнаў” – паказаць моладзі горада, што можна весела і цікава адпачываць разам з сябрамі без алкаголю, дрэнных суполак. Далучыць моладзь да такога тыпу адпачынку і, самае галоўнае, паказаць, што быць добрым хрысціянінам можна і праз гульні, спеў, інтэлект.
Галоўны момант кожнага з тураў – святая Імша. На яе запрашалі ўсіх. Заўсёды любы тур заканчваўся ў салезіянскім духу: традыцыйным “слоўкам” на ноч ад святара і малітвай “Вітай Марыя…”
Планавалася, што першы тур адбудзецца ў студзені, а апошні ў красавіку. Каляндар складалі так, што звычайна інтэлектуальны і спартыўны тур прыпадаў на Вялікі пост. Падчас гэты двух тураў мы паказвалі моладзі, што і ў Вялікім посце сапраўдны хрысціянін можа годна праводзіць час, не парушаючы традыцый.
Паколькі спектр інтарэсаў моладзі вельмі шырокі, то было прадугледжана, каб удзельнікі каманд маглі паказаць сябе з розных бакоў: хтосьці як спявак, чытач вершаў, танцор, артыст ці добры гумарыст, хтосьці як выдатны інтэлектуал. А некаторым была дадзена магчымасць паказаць свае спартыўныя здольнасці.
Аляксандр:
– Каб развіць першапачатковую ідэю, мы з арганізатарамі шмат размаўлялі, перапісваліся праз інтэрнэт, сустракаліся ў араторыі, тэлефанавалі адзін аднаму. Было цяжка, мы мелі ідэю, але такое арганізоўвалі ўпершыню. І кожны крок быў крокам у невядомае, але да галоўнай мэты.
Першая “Бітва” выглядала наступным чынам: каманды прыкладна за месяц атрымлівалі палажэнне на наступны тур, якое складалася і зацвярджалася арганізатарамі. Рыхтаваліся, выступалі і атрымлівалі палажэнне на наступны тур, і гэтак далей. Здаецца, усё працавала, праект жыў. Але, прыняўшы пад увагу меркаванні шматлікіх арганізатараў, аніматараў, заўважыўшы эмацыянальны фон першай “Бітвы”, прыйшлі да высновы, што нам неабходна больш сустракацца, абмяркоўваць складанасці і дапамагаць адзін аднаму. Таму традыцыйнымі сталі спатканні капітанаў каманд і арганізатараў пасля кожнага туру для падвядзення вынікаў, а таксама абмеркаванне наступнага туру. Усё гэта палепшыла працэс падрыхтоўкі.
Вераніка:
– У першай “Бітве мікрараёнаў” я ўдзельнічала як капітан каманды цэнтральнага мікрараёна, таму мне цяжка адказаць на гэтае пытанне. Магу сказаць толькі адно – успрыняўся канчатковы канцэпт у чатыры туры пазітыўна. Бо чатыры месяцы – гэта добры перыяд для знаёмства каманды і для пазнання адзін аднаго.
Ці моцна хваляваліся і чаго чакалі спачатку?
Вераніка:
– Як капітан каманды, я вельмі хвалявалася, бо гэта ж першы тур. Гэты праект здаваўся нечым неверагодным, новым, а нешта нязведанае выклікае пэўны страх. Але першыя хвіліны ў зале далі ўпэўненасць у тым, што гэта салезіянская справа, якая падабаецца моладзі, што гэта іх свята і іх фармат. Было вельмі прыемна быць сярод маладых і адчуваць гэту еднасць і запал не толькі на перамогу, але і на сяброўства.
Ларыса:
– Настрой быў пазітыўны, бо падчас падрыхтоўкі да першага туру ўжо ведалі, што каманды склаліся вельмі добрыя. Таксама да ўдзелу было запрошана шмат моладзі праваслаўнай канфесіі. Акрамя таго, дзякуючы салезіяніну-супрацоўніку Алегу Аўгусціновічу, на гульню запрасілі маладых хлопцаў з вайсковай часткі 2044. Значыць, ужо падчас першага туру мы пачалі рэалізоўваць сваю галоўную мэту: аб’яднаць моладзь горада, паказаць, што ў наш “шалёны” час можна проста разам, па-сямейнаму праводзіць вольны час у добрых адносінах адзін з адным.
Хваляваліся вельмі: “Ці атрымаецца ў нас, як арганізатараў? Ці ўсё правільна зробяць капітаны-аніматары? Як адрэагуюць на праект запрошаныя госці?”
Пытанняў было вельмі шмат і вялікімі былі чаканні ад моладзі.
Аляксандр:
– У мяне настрой быў баявы, было жаданне рабіць і тварыць. Вельмі хацелася на самай справе дапамагчы маладым рэалізаваць сябе праз тыя заданні, якія мы ім прапанавалі. Але ўсё ж было хваляванне, бо такое мы рабілі ўпершыню. Думалася: “Ці зможам мы як арганізатары зрабіць усё правільна? Ці збяруцца каманды? Ці здолеюць капітаны трымаць у тонусе і сябе, і каманду на працягу некалькіх месяцаў, бо для капітанаў гэта таксама новы вопыт, а яны ў асноўным школьнікі і студэнты?”
Што Вы можаце сказаць зараз? Якія ўражанні цяпер ад гэтай задумы? Ці маглі вы спадзявацца на тое, што ўсё перарасце ў вялікую падзею гарадскога маштабу?
Аляксандр:
– Зараз адчуваю шмат станоўчых эмоцый і бачу плён з двух “Бітваў”. Зразумела, што толькі адна з трох каманд перамагае. Ёсць жа тут і момант спаборніцтва. Але як не назваць гэта перамогай усёй моладзі Смаргоні? “Бітва” сабрала ў якасці ўдзельнікаў і гледачоў кала 400 чалавек, якія праз выступленні паказалі вельмі высокі ўзровень творчы, спартыўны, інтэлектуальны. А гэта не толькі мае словы, гэта словы дзясяткаў членаў журы – прафесіяналаў у сваёй справе. Будзе вельмі цяжка гэта пераўзысці. А як не назваць добрым плёнам тое, што на адной сцэне ў складзе каманд ёсць моладзь, якая ўпершыню ў нашым араторыі, ёсць бацькі ўдзельнікаў, настаўнікі і дырэктары школ, якія разам са сваімі вучнямі стараліся, выступалі, атрымлівалі балы і хваляваліся за вынік?
Вераніка:
– Маю шмат думак і эмоцый, якія перапаўняюць сэрца. Прайшоўшы “Бітву мікрараёнаў” як капітан і як арганізатар, магу сказаць, што гэты праект патрапіў у адну хвалю з маладымі. Удзельнікі каманд сапраўды хацелі ісці на рэпетыцыі, прыдумваць нешта новае і крэатыўнае, змагацца за кожны бал у духу любові і павагі, ісці наперад, нягледзячы на перашкоды, знаходзіць новых сяброў і пазнаваць жыццё салезіянскага араторыя. Гэта вялікая перамога! Моладзь з розных школ горада, настаўнікі, дырэктары, адміністрацыя горада – усе хваляваліся і заўзелі за свой мікрараён, усе мелі адну мэту і дапамагалі сваім камандам, хто як мог. Такога, асабіста я, не чакала ад “Бітвы мікрараёнаў”. Дзякуй Пану Богу, што адбылося ўсё менавіта так. Ён кіраваў як капітанамі, так і арганізатарамі, бо атрымалася сапраўды цудоўная справа!
Ларыса:
– Напэўна ніхто з нас, арганізатараў, не думаў, што наш праект “Бітва мікрараёнаў” атрымаецца такім маштабным і будзе мець такі рэзананс на ўвесь горад. Ды і не толькі на горад.
Сёння магу сцвярджаць: “Бітва мікрараёнаў” – гэта найлепшы праект па выхаванні моладзі нашага горада. Менавіта праз яго ўзнікае магчымасць для любога маладога чалавека паказаць свае здольнасці. Акрамя таго я, як настаўнік, добра ведаю цудоўныя водгукі аб “Бітве” з вуснаў маіх калег, бацькоў вучняў.
Скажу яшчэ і тое, што дзякуючы праекту са студзеня па красавік вучні школ настолькі занятыя ідэямі “Бітвы”, што на дрэнныя думкі і ўчынкі ў іх проста няма часу!
Што вы самі асабіста атрымалі ад “Бітвы мікрараёнаў” і што яна змяніла ў вашым жыцці?
Вераніка:
– Асабіста я ўдзячна Богу за ўдзел у гэтым праекце, бо гэта лепшая магчымасць быць з моладдзю і служыць на яе карысць. “Бітва мікрараёнаў” навучыла мяне працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да іншых, уціхамірваць сваю ганарыстасць, умець годна прайграваць. Два гады ў “Бітве мікрараёнаў” мы ўдзельнічалі разам з мужам. Гэты час для нас быў добрай школай пазнання адзін аднаго. У жыцці нашай сям’і гэты праект змяніў стаўленне да часу. Пачалі яго размяркоўваць так, каб усё паспець зрабіць. Гэта быў свядомы выбар нашай сям’і, які, у выніку, даў нам шмат радасці, дапамог узмацніць сяброўства і любоў паміж намі.
Ларыса:
– Бітва аказалася вельмі карыснай і для нас, салезіян-супрацоўнікаў.
Наш праект “Бітвы” – гэта той варыянт працы супрацоўнікаў, праз які яны могуць гучна аб сабе заявіць. Звычайна пра тое, што ёсць салезіяне-супрацоўнікі ў араторыі, ведае няшмат людзей. Наша праца з моладдзю не з’яўляецца бачнай, адкрытай і сістэмнай. Праз рэалізацыю “Бітвы” мікрараёнаў мы здолелі больш паказаць сябе, паказаць нашу дзейнасць не толькі ў араторыі, але і на месцах нашай асабістай працы.
Для мяне “Бітва” стала яшчэ раз пацвярджэннем таго, што сучасная моладзь вельмі адкрытая, крэатыўная, творчая, разумная і спартыўная. Але, каб маладыя людзі не разгубілі свой патэнцыял, з імі неабходна працаваць менавіта так, як гэта прапануе рабіць святы Ян Боско ў сваёй папераджальнай сістэме выхавання.
Аляксандр:
– Я атрымаў велізарны вопыт, бо гэта сапраўды быў новы выклік. Многае адбывалася ўпершыню. Было шмат цяжкасцей, але яшчэ больш радасці, задавальнення і захаплення моладдзю нашага горада. Хочацца яшчэ раз выказаць словы падзякі капітанам і ўдзельнікам каманд за той прыклад сапраўднай радасці, якую ўбачыў увесь горад. Спадзяюся, гэта стане яшчэ адным варыянтам адпачынку і “лакмусавай паперай” нашага араторыя. Веруючы чалавек – вельмі радасны чалавек!
Якія планы на будучыню? Чаго чакаць ад “Бітвы мікрараёнаў” у наступным годзе?
Ларыса:
– Канешне ж, вельмі хочацца, каб праект застаўся і рэалізоўваўся далей. Як арганізатар двух “Бітваў” разумею, што змарыліся капітаны, аніматары, бо на іх плячах ляжала асноўная нагрузка па падрыхтоўцы каманд.
Вельмі спадзяюся на тое, што праект застанецца жывым. Аднак думаю, што ў наступным годзе будзе крыху іншы фармат працы супрацоўнікаў з моладдзю.
Аляксандр:
– Планы і ідэі ёсць. Разумеем, куды і як неабходна развівацца. “Бітва” будзе жыць – гэта галоўнае. Ды і зараз “Бітва” жыве. Бо ўсё не скончылася ў красавіку падчас апошняга туру і узнагароджвання. На кожнае мерапрыемства ўдзельнікі атрымліваюць запрашэнні, а дзверы араторыя адчынены для кожнага!
Некаторыя моманты і прапановы пра будучыню праекта ўжо агучваліся. Усе рашэнні мы будзем прымаць разам з арганізатарамі, салезіянамі- супрацоўнікамі і адказнымі за араторый у бліжэйшы час.
Вераніка:
– Я скажу проста: “План на будучыню – усё рабіць на хвалу Божую і дзеля збаўлення душаў”.
Ад імя ўсіх арганізатараў БМ хочам выказаць словы падзякі дырэктару супольнасці кс. Алегу Жураўскаму SDB, с. Ірыне Барцэвіч FMA, дырэктару ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Смаргоні” Але Анатольеўне Коваль, дырэктару ДУА “Гімназія г.Смаргоні” Ірыне Анатольеўне Дурэйка, дырэктару ДУА “Сярэдняя школа №7 г. Смаргоні” Аляксандру Уладзіміравічу Джумкову, загадчыку сектара спорту і турызму аддзела адукацыі Смаргонскага РВК Лобану Аляксандру Рыгоравічу, дырэктару ДВСУ "Смаргонская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерва" Юрчанку Валерыю Антонавічу, дырэктару ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага” Алене Станіславаўне Малышавай за дапамогу і падтрымку ў падрыхтоўцы залы, тэхнічную дапамогу, за прадстаўленую магчымасць трэніравацца і рэпетыраваць не толькі ў Араторыі, але і ў школах горада, за спартыўную залу і інвентар для трэцяга этапа і многае іншае.
Гутарыў Уладзіслаў Зарэцкі ASC