Кангрэгацыю Дaчок Марыі Успамогі Хрысціянаў заснаваў святы Ян Боско ў Італіі ў 1872 годзе. Святы заснавальнік заўважыў складаную сітуацыю прамысловага Турыну. У горад прыбывалі натоўпы дзяўчат і хлопцаў у пошуках сродкаў для існавання. У сваёй большасці дзецi былі сіротамі і не мелі месца, дзе маглi б жыць. Ксёндз Боско бачыў у іх птушанят, якіх выкінулі з гнязда ў жорсткi свет дарослых. Святы Ян Боско вырашаў атуліць гэтых дзяцей сваёй апекай і адчынiў для іх араторыi, школы і майстэрні. Вынікам гэтага рашэння стала ўзнiкненне ў 1854 годзе з Божага благаслаўлення мужчынскай галіны салезіянаў – Таварыства Святога Францішка Сальскага. Таварыства было накіраванае на выхаваўчую працу з маладымі хлопцамі, каб учыніць з іх добрых хрысціянаў і сумленных грамадзянаў.
У 1861 годзе папа Пій IX, вялікі сябар ксяндза Боско, запрапанаваў яму таксама весцi выхаваўчую працу з беднымi дзяўчатамi. Божую волю ў гэтай справе святому Яну Боско аб’яўляе ў адным са сноў Найсвяцейшая Багародзіца. У сне ён бачыць прыгожую даму ў асяроддзі шматлікіх дзяўчат. Дама звярнулася да ксяндза Боско з просьбай: "Паклапаціся пра іх, гэта мае дочкі".
У 1862 годзе ксёндз Боско пазнаёмiўся з ксяндзом Дамінікам Пістарыно, вікарыем парафіі ў Марнэзэ (Генуя, Італія). Ксёндз Дамiнiк з’яўляўся апекуном Дачок Беззаганнай Панны Марыі – суполкі дзяўчат з Mornese, якія дасканалілі ўласную святасць і праводзілі апостальства сярод жанчын. Менавіта з гэтай невялікай суполкі паходзяць першыя сёстры новай жаночай кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. 5 жніўня 1872 года адзінаццаць з іх складаюць першыя шлюбы. Яны становяцца, як і хацеў заснавальнік, жывым помнікам падзякі Марыі Успамозе Хрысціянаў. На чале новага жаночага таварыства стала святая Марыя Дамiніка Мадзарэлло, якую пазней увесь Касцёл будзе ведаць як сузаснавальніцу кангрэгацыі. Менавіта гэтая сястра была самай стараннай і вернай ксяндзу Боско ў станаўленні і фарміраванні першай супольнасці і рэалізацыі яе выхаваўчай харызмы.
Новае таварыства пачало хутка расці. Пасля пяці гадоў існавання кангрэгацыі першыя місіянеркі пакінулi італьянскую зямлю і пачалi несці свет Божага Слова ў Амерыцы, каб там даваць маладым людзям Хрыста і паўтараць услед за святым Янам Боско: "Бог цябе бачыць і любіць". Неўзабаве салезіянкі прысутнiчалi на ўсiх кантынентах нашай зямлі, з радасцю даючы сведчанне любові і дабрыні да дзяцей і моладзі
Салезіянкі працуюць таксама і на нашай бацькаўшчыне. Першыя сёстры прыбылі ў беларускі край 19 верасня 1991 года. Iмi былi с. Тэрэса Сольнічэк FMA, с. Габрыэля Рохдэ FMA і с. Вераніка Шымуковіч FMA. Першы дом быў зацверджаны ў Смаргоні, дзе сёстры пасялiлiся каля роднай салезіянскай парафіі. Апекаваліся сёстры салезiянкi таксама моладдзю з Бабруйска, дзе яны заснавалі араторый і музычны гурт Magnificat. У 1997 годзе салезіянкі ўтварылi дом у Мiнску.
Дочкі Марыі Успамогі Хрысцiянаў у месцах сваёй прысутнасцi нясуць радасць, салезіянскі аптымізм і ахвярную працу з маладым пакаленнем. Сёстры супольна з ксяндзамi салезіянамі арганiзоўваюць працу араторыя, удзельнічаюць у шматлікіх акцыях, прызначаных для моладзi, а таксама навучаюць моладзь і дзяцей падчас катэхэз і малітоўных спатканняў.
Сёння ў Беларусі сёстры прысутнічаюць у двух манаскіх супольнасцях:
МІНСК (пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы)
- С. Люцыя Бальцэвіч FMA (дырэктар супольнасці)
- С. Тэрэса Сольнічэк FMA
- С. Дар'я Еўтухоўская FMA
Адрас супольнасці:
вул. Пляханава, 53/12
220085 МІНСК
СМАРГОНЬ (пры парафіі св. Міхала Арханёла)
- С. Ірына Барцэвіч FMA (дырэктар супольнасці)
- С. Вераніка Блізнюк FMA
- С. Валянціна Кот FMA
- С. Юлія Клявец FMA
Адрас супольнасці:
вул. Пятра Балыша, 17а
231000 СМАРГОНЬ